Зварот арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча да вернікаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў сувязі з распачаццем канклаву па выбару новага Пантыфіка

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, вернікі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі!

1. 28 лютага 2013 г. завяршыў сваё служэнне на кафедры святога Пятра папа Бэнэдыкт XVI, які ўпісаўся ў гісторыю сучаснага Касцёла як выдатны пастыр, тэолог, абаронца веры, прамоўтар хрысціянскай еднасці і міжрэлігійнага дыялога, просты і вельмі сціплы чалавек, які амаль што восем гадоў мужна вёў касцёльны човен па ўзбурыным моры сучаснасці і вучыў нас не баяцца. На пачатку свайго Пантыфікату ён паўтарыў словы свайго Вялікага папярэдніка благаслаўлёнага Яна Паўла II: «Не бойцеся адчыніць дзверы Хрысту». Пры гэтым ён іх узбагаціў, кажучы: «Не бойцеся, бо Хрыстус нічога не забірае, а дае ўсё».

За час Пантыфікату Бэнэдыкта XVI Касцёл прайшоў вялікі шлях свайго развіцця ў асабліва цяжкія часы нарастаючага секулярызму і маральнага рэлятывізму, адыходу ад веры і страты маральных каштоўнасцяў. Папа іх мужна бараніў і дзякуючы яму касцёльны карабель нанова раскрыў свае ветразі на новы подых Святога Духа, каб з новай надзеяй плысці ў будучыню. Таму сышоўшага з пасады наступніка святога Пятра папу Бэнэдыкта XVI смела можна назваць Майсеем нашага часу.

Усё гэта здабыло яму пашану і папулярнасць ва ўсім свеце — сярод католікаў, праваслаўных, габрэяў, мусульман і іншых веравызнанняў, сярод веруючых і няверуючых, сярод палітыкаў, вучоных і простых людзей. Сведчаннем гэтаму могуць служыць яго апошняя публічная Імша ў Папяльцовую сераду 13 лютага, апошняя малітва «Анёл Панскі» 24 лютага і апошняя агульная аўдыенцыя 27 лютага, на якія прыйшлі натоўпы людзей. Яны малітвай, слязьмі і апладысментамі развіталіся з любімым пастырам і пажадалі яму Божага благаслаўлення.

2. Але жыццё не стаіць на месцы. Касцёл як жывы арганізм не можа заставацца без свайго Пастыра. Згодна з кананічным правам Калегія кардыналаў павінна выбраць наступніка Бэнэдыкта XVI. Выбары адбудуцца на канклаве, які пройдзе ў найбліжэйшым часе. Слова «канклаў» мае лацінскае паходжанне і азначае «замкнёны на ключ». Такім чынам адасобленыя ад свету кардыналы на малітве і пад дзеяннем Духа Святога выберуць новага Біскупа Рыма, у якім здзяйсняецца даверанае апосталу Пятру служэнне. У Касцёле ён мае поўную, непасрэдную і паўсюдную ардынарную ўладу (пар. Кодэкс Кананічнага Права, Кан. 331). З’яўляючыся главой Калегіі біскупаў, ён разам з ёй кіруе Касцёлам, выбірае галоўныя напрамкі яго дзейнасці і развіцця згодна з патрабаваннямі і выклікамі часу. Узмоцнены Хрыстом, ён у сваю чаргу павінен умацоўваць у веры народ Божы (пар. Лк 22, 32).

Гэта вельмі адказнае служэнне! Гэта крыж, на які павінен узысці новы Пантыфік! Нездарма пасля абрання новага Папы ён ідзе ў так званы пакой плачу, каб там, памаліўшыся, выйсці да народу на балкон базылікі святога Пятра.

Несумненна, новага Пантыфіка выбірае сам Дух Святы, аднак чыніць гэта праз кардыналаў-выбаршчыкаў, якія з’яўляюцца інструментам у яго руках.

Благаслаўлёны папа Ян Павел II у Апостальскай канстытуцыі «Пастыр Божага статка» аб вакансіі Апостальскага Пасаду і выбарах Рымскага Першасвятара падкрэслівае, што у той час, калі Пасад застаецца вакантным і асабліва калі выбіраецца новы Папа, Касцёл асаблівым чынам аб’ядноўваецца з пастырамі, асабліва з кардыналамі-выбаршчыкамі, каб выпрасіць у Бога новага Пантыфіка як дар яго ласкі і Провіду. Падобна першай хрысціянскай супольнасці сусветны Касцёл у духоўнай еднасці з Марыяй павінен аднадушна маліцца. Такім чынам выбар новага Папы не будзе аддзеленай ад народу падзеяй, якая адносіцца толькі да кардыналаў-выбаршчыкаў, але справай усяго Касцёла. Таму неабходна маліцца да Бога, каб Ён асвяціў душы выбаршчыкаў і яны прыйшлі да згоды ў выкананні сваіх абавязкаў для хутчэйшага  аднадушнага і плённага выбрання, якога патрабуе збаўленне душаў і дабро ўсяго Божага народу (пар. № 84).

Зыходзячы з гэтых слоў Яна Паўла II нашым святым абавязкам ёсць малітва, каб праз выбар Калегіі кардыналаў Святы Дух указаў таго, каму Хрыстус дасць ключы свайго Валадарства (пар. Мц 16, 19), таго, хто возьме ў свае рукі штурвал касцёльнага карабля і мужна павядзе яго па бушуючым акіяне сучаснасці ў будучыню.

З гэтай нагоды ўяўляецца адпаведным працытаваць пасляслоўе з «Рымскага Трыпціху», напісанага благаслаўлёным Янам Паўлам II у 2003 г., дзе ён нагадвае пра абранне свайго наступніка.

ПАСЛЯСЛОЎЕ

І менавіта тут, каля падножжа той цудоўнай

сікстынскай паліхроміі

збіраюцца кардыналы —

супольнасць, адказная за спадчыну

ключоў Валадарства.

Прыходзяць менавіта сюды.

І Мікеланджэла зноў атуляе іх сваім бачаннем.

«У Ім жывем, рухаемся і існуем»…

Хто Ён?

Вось стваральная далонь Усемагутнага Старца,

скіраваная ў бок Адама…

Напачатку Бог стварыў…

Ён, Той, Хто ўсё бачыць…

Сікстынская паліхромія прамовіць тады

Словам Пана:

Tu est Petrus — Ты Пётр

пачуў Сымон, сын Ёны.

«Табе дам ключы Валадарства».

Людзі, якім клопат пра спадчыну ключоў

давераны,

збіраюцца тут, дазваляюць сябе атуліць

сікстынскай паліхроміяй,

тым відовішчам, якое пакінуў Мікеланджэла —

Так было ў жніўні, а пасля ў кастрычніку

памятнага года двух канклаваў,

і так будзе зноў, калі ўзнікне патрэба,

пасля маёй смерці.

Трэба, каб прамаўляла да іх візія Мікеланджэла.

«Соп-clave» — «Пад ключом»: супольны клопат

пра спадчыну ключоў,

ключоў ад Валадарства.

Вось бачаць сябе паміж пачаткам і канцом,

паміж Днём Стварэння і Днём Суду…

Дадзена чалавеку раз памерці, а пасля Суд!

Канчатковая празрыстасць і святло.

Празрыстасць гісторыі —

Празрыстасць сумленняў —

Патрэба, каб у часе канклаву Мікеланджэла

ўсвядоміў людзям —

Не забывайце: Omnia nuda et aper­ta sunt

ante oculis Eius — Усё адкрытае і аголенае перад Яго вачыма.

Ты, які ўсё пранікаеш — укажы!

Ён укажа…

(Папа Ян Павел II. Рымскі трыпціх. Медытацыі)

Восем гадоў таму Бог указаў на кардынала Ёзафа Ратцынгера, які стаў папам Бэнэдыктам XVI.

Усемагутны Божа, выслухай нашы малітвы, укажы і цяпер, укажы на самага годнага, найлепш падрыхтаванага і здольнага быць Пятром нашага часу, быць той скалой, на якой Хрыстус будзе далей будаваць свой Касцёл (пар. Мц 16, 18).

З благаслаўленнем

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 1 сакавіка 2013 г.