У Вялікую суботу дапаможны біскуп Антоні Дзям’янка асвяціў велікодныя стравы

У Вялікую суботу ў парафіі Маці Божай Ружанцовай адбылося асьвячэньне велікодных страваў. Ад самага ранку вернікі несьлі да капліцы упрыгожаныя кошыкі з чырвонымі яйкамі, духмянымі каўбаскамі і вядлінай. Настаяцель парафіі кс. Генадзь Кухарэвіч з дапамогай кс. Кшыштафа Пасьвята кожную гадзіну асьвячалі велікодныя стравы, а таксама спавядалі людзей. А 13.00 парафію наведаў дапаможны біскуп Антоні Дзям’янка. Першы чым падтрымаць традыцыю асьвячэньня страваў, зьвярнуўся да вернікаў з прамовай. Перадусім біскуп Антоні Дзям’янка падкрэсьліў важнасьць сакрамэнту сьвятарства, які адзначаецца ў Вялікі чацьвер — першы дзень Пасхальнага Трыдууму. «У Вялікі чацьвер ксёндз-арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч зьбіраў усіх ксяндзоў з архідыяцэзіі. Гэта дзень устанаўленьня сьвятарства. Што значыць ксёндз для парафіі – самі ведаеце – гэта такі званочак, які зьбірае нас на набажэнства. Якім жа было бы бедным нашае спатканьне, каб не было ксяндза. Як ксёндз прыехаў – так і рэлігійнае жыцьцё зьяўляецца. Бо ён зьяўляецца адміністратарам Божых сакрамэнтаў. Пан Езус памёр за нас у Вялікую Пятніцу, збавіў нас на крыжы і з гэтых ласкаў можа карыстаць кожны, каб атрымаць збаўленьне. Але, каб атрымаць гэтыя ласкі, павінны быць сьвятар, бо гэта можа зрабіць толькі сьвятар. Толькі праз ягоныя рукі праходзяць гэтыя ласкі і інакш мы ня можам іх атрымаць. Паглядзіце на сакрамэнт споведзеі – гэты трыбунал Божай міласэрднасьці: прыходзіш да споведзі, расказваеш пра свае грахі ксяндзу, шчыра каесься ў свыаіх грахах, абяцаеш выправіцца, усё, што было парушанае грахом, пастараесься выправіць, і тады Бог прабачае грахі. Душа была чорная, як вугаль, а пасьля споведзі становіцца белая, як сьнег. І гэта ня нашая заслуга, але Пан Бог выслужыў нам і кроўю ў Вяліку пятніцу ачысьціў нашую душу. Але даў такую ласку, каб менавіта праз паслугу сьвятара гэта было ўчыненае. Таму дзякуем Богу за тое. што ёсьць сьвятар, што ён служыць у вас. Дзякуем ксяндзам за іх пакліканьне, што велікадушна на яго адклікнуліся. Шануйце ксяндза, дапамагайце яму ва ўсіх справах, маліцеся за яго і за новыя пакліканьні да сьвятарства».
Біскуп Антоні Дзям’янка таксама заклікаў падзяліцца велікоднымі стравамі з людзьмі, якія ў патрэбе, з сіротамі, адведаць хворых, ці тых, хто ў шпіталях і праз гэта падзяліцца радасьцю Уваскрослага Хрыста.