Сёмы Дзіцяча-моладзевы фестываль «Лошыца-2013»

У нядзелю, 27 студзеня, у парафіі Маці Божай Ружанцовай адбыўся дзіцяча моладзевы фестываль мастацкай творчасці «Лошыца 2013». Гэта традыцыйнае свята творчасці, якое прайшло ў парафіі сёмы раз. Сёлета фестываль быў прымеркваны да завяршэньня юбілейнага году ў ордэне Святога Арханёла Міхала, прысвечанага 100-годдзю са дня смерці заснавальніка ордэна, благаслаўлёнага кс. Браніслава Маркевіча. Як вядома, пробашч парафіі, ксёндз Генадзь Кухарэвіч належыць да ордэна айцоў-міхалітаў.

У нядзелю, 27 студзеня, у парафіі Маці Божай Ружанцовай адбыўся дзіцяча моладзевы фестываль мастацкай творчасці «Лошыца 2013″. Гэта традыцыйнае свята творчасці, якое прайшло ў парафіі сёмы раз. Сёлета фестываль быў прымеркваны да завяршэньня юбілейнага году ў ордэне Святога Арханёла Міхала, прысвечанага 100-годдзю са дня смерці заснавальніка ордэна, благаслаўлёнага кс. Браніслава Маркевіча. Як вядома, пробашч парафіі, ксёндз Генадзь Кухарэвіч належыць да ордэна айцоў-міхалітаў.

Дзеці, падлеткі і моладзь дэманстравалі падчас фестывалю сваё майстэрства ў спевах, ігранні на розных музычных інструментах: скрыпцы, клавішным сінтэзатары, а таксама ў чытанні вершаў і спевах на беларускай, польскай, рускай мовах. Так, студэнтка Вераніка Марчанка праспявала «Кажы мне, Пане» па–польску, першакласніца Ірына Бардзенюк выканала на фартэпіяна «Ціхую ноч», а Павал Пінткоўскі — адзін з твораў Моцарта на скрыпцы. Шмат прагучала вершаў і песняў, прысвечаных святу Божага Нараджэння. А студэнт Арцём Бардзенюк прачытаў уласны верш. Некаторыя парафіяне выступалі сем’ямі – дзеці разам з матулямі ці старэйшымі братамі і сёстрамі, як да прыкладу, сям’я Бандарэнкаў і Папкоўскіх. Узрост удзельнікаў імпрэзы па традыцыі складаў ад 5 да 25 гадоў.

Гэтым разам упершыню было створана журы конкурсу ў складзе парафіянаў Аляксандра і Вольгі Сычэвічаў, а таксама пробашча, кс. Генадзія. Мэтай было не вызначэнне лепшых падчас свята творчасці, а вызначэнне ўдзельнікаў яшчэ аднаго свята – завяршэння юбілейнага году ў ордэне Святога Арханёла Міхала, 30 студзеня. З нагоды свята ў парафіі адбудзецца ўрачыстая святая Імша, якую ўзначаліць Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь, арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. Лаўрэаты фестывалю «Лошыца 2013″ у гэты дзень зладзяць парафіянам і гасцям невялікі канцэрт, патлумачылі сябры журы. Як паведаміў пробашч Генадзь Кухарэвіч, напачатку журы планавала вылучыць пяць лаўрэатаў, але дзеці выявілі такія здольнасці, што іх колькасць давялося павялічыць да васьмі.

На завяршэнне творчай імпрэзы ксёндз-пробашч Генадзь Кухарэвіч падзякаваў усім удзельнікам фестывалю, сястры Любаміры, якая прыняла непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы свята, а таксама бацькам, якія далучаюць сваіх дзяцей да жыцця парафіі і да жыцця ў Богу. Узнагародай ад пробашча для кожнага ўдзельніка стаўся ружанец і абраз «Маці Божай Будслаўскай». «У 2013 годзе працягваецца «Год веры» адвешчаны каталіцкім касцёлам у кастрычніку 2012 году. Ён праходзіць пад дэвізам «Марыя — Маці нашай веры». Таму Маці Божая Марыя ёсць для нас асаблівым прыкладам хрысціянскай веры. Яна неаднойчы сведчыла словам і справамі аб сваёй веры і поўным даверы Айцу нябеснаму. Маці Божая Будслаўская абвесціла сябе ў Будславе 400 гадоў таму, каб сведчыць веру і натхняць ёю многія пакаленні людзей. Няхай абраз Маці Божай Будслаўскай натхняе вас жыць у веры і сведчыць хрысціянску веру сваім штодзённым жыццём», падкрэсліў пробашч. Падарункам для дарослых стаў насценны парафіяльны каляндар на 2013 год, аздоблены фотаздымкамі з жыцця парафіі.

Наступны дзіцяча-моладзевы фестываль мастацкай творчасці ў Лошыцы адбудзецца ў 2014 годзе.



Наступны дзіцяча-моладзевы фестываль мастацкай творчасці ў Лошыцы адбудзецца ў 2014 годзе.