Сьвяты пасхальны трыдуум: Вялікі чацьвер

Вялікі чацьвер — Дзень устанаўлення сакрамэнту Эўхарыстыі і Сьвятарства. У гэты дзень адпраўляецца святая Імша на ўспамін Апошняй вячэры Пана.

Вялікі чацьверу каталіцкім касьцёле таксама называюць Днём сьветара. З днём сьветара вернікі парафіі Маці Божай Ружанцовай віншавалі свайго пробашча, ксяндза Генадзя Кухарэвіча. Сардэчныя словы падзякі за руплівае служэньне, за ахвярны шлях да Бога, якім ксёндз-пробашч вядзе сваіх парафіянаў, сьветару выказалі дзеці і моладзь. Белыя ружы, як сымбаль чысьціні, ўзьнёслы сьпеў і апладыменты прысутных сталіся падарункам вернікаў свайму пробашчу.

У сваю чаргу ксёндз Генадзь Кухарэвіч перадусім падзякаваў усім сьветарам, якія працавалі і дапамагаюць працаваць сёньня: ксяндзу Артуру Папроцкаму, ксяндзу Антонію Обжуту, ксяндзу Андрю Каралю, ксяндзу Крыштафу Пасьвята. Таксама падзякаваў парафіянам за ўдзел у жыцьці парафіі: моладзі за музыку і сьпевы падчас сьвятой Імшы, жанчынам сталага веку за штодзённу малітву, а таксама ўсім іншым, хто клапоціцца аб стварэньні і мацаваньні парафіяльнай супольнасьці праз дабрачыннцю працу, ахвяраваны час, таленты, здольнасьці і фізічныя сілы. Такіх асобаў і нават сем’яў сталася каля дзьвух дзесяткаў чалавек. Так, Алік Усьціновіч і Тэрэза Марчатка, якія ад пачатку сваім штодзённым клопатам будуюць парафіяльную сям’ю, атрымалі ружанцы з выявамі герба папы Бэнэдыкта ХVІ. Ірына Кукольнік, Галіна Нікіціна, сем’я Бардзенюк, Пшыгоцкіх і многія іншыя на знак падзякі атрымалі ўзнагароды, асабліва сымбалічныя ў Год веры — асобнікі кнігі «Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай»: Маці Божая – апякунка нашай веры, а таксама сёлета спаўняецца 400 год аб’яўленьня Маці Божай у Будславе.

У Каталіцкім касьцёле існуе прыгожая і сымбалічная традыцыя — у Вялікі чацьвер сьвятар абмывае і цалуе ногі 12 вернікаў на знак служэньня і пакоры, як гэта зрабіў Езус Хрыстус сваім 12 вучням перад сваёй Апошняй вячэрай. Пробашч Генадзь Кухарэвіч абмыў ногі 12 парафіянаў…

У сваёй прамове сьвятар падкрэсьліў: «Абмываньне ног – гэта сымбаль нашага служэньня адно аднаму. Ня цяжка абмыць ногі – зрабіць гэты зьнешні жэст служэньня. Шмат цяжэй зрабіць унутраны жэст любові, перамогі самога сябе, сваёй пыхі, злосьці, зайздрасьці. Езус паказаў нам прыклад гэтай поўнай любові пакоры і ахвярнага служэньня. Толькі Божая любоў прывядзе нас да сапраўдных чыньнікаў пакоры, ахвяры і любові. Будзьдзе апорай і падтрымкай адно аднаму, давайце адзін другому надзею, дарыце любоў – вось пасланьне Вялікага чацьвярга – вось чым ёсьць абмываньне ног. Абмывайце ногі адзін другому…».

Вялікі Чацьвер быў завершаны перанясеньнем Сьвятога Сакрамэнту ў цямніцу.