Сьвяты пасхальны трыдуум: Вялікая субота

 

Пасхальная вігілія – цэнтар Сьвятога Пасхальнага Трыдуума, які абвяшчае Уваскрашэньне Езуса Хрыста. Пасхальная вігілія – гэта пачатак сьвяткаваньня Вялікадня.

Пасхальная вігілія Вялікай суботы ў парафіі Маці Божай Ружанцовай распачалася ў двары капліцы ў прысутнасьці вялікай колькасьці парафіянаў, а таксама людзей, якія прыйшлі ў гэты дзень, каб паўдзельнічаць у найгалоўнай літургіі ўсяго году.

Ад раскладзенага ў цемры ночы вогнішча, пробашч Генадзь Кухарэвіч запаліў і благаславіў Пасхал – велікодную сьвечку, як сымбаль перамогі сьвятла над цемраю, як сымбаль Уваскрослага Хрыста, якія зьяўляецца сьвятлом для ўсяго сьвету, як сымбаль перамогі жыцьця над сьмерцю.

«Сьвятло Хрыста» – абвесьціў сьвятар, увайшоўшы з Пасхалам у капліцу. Прамаўляючы да парафіянаў ксёндз-пробашч падкрэсьліў: «Пасхальная вігілія – адна з найбагатых, поўная сакрамэнтальных сымбаляў, літургія ва ўсім годзе: сымбаль агню, сымбаль Пасхалу, сымбаль вады. І кожны сымбаль мае значэньне: новы агонь – запаліцца нанова, ізноў гарэць, асабліва, калі патухлі праз грэх, ізноў гарэць агнём Божай любові. Бо Бог ня толькі ачышчае, ня толькі прабачае, але запальвае нашыя сэрцы. Ён дае нам ласку не грашыць, дае нам ласку выпраўляцца і дае нам ласку нарадзіцца нанова. Але трэба нарадзіцца нанова: не касметычна затушаваць свае грахі і хібы, але ачысьціцца цалкам, нарадзіцца наноў.

Якой жа вялікай сымболікай зьяўляецца Пасхал: Хрыстос – Альфа і Амега – Пачатак і Канец. Усё ў ім мае пачатак. А калі ў ім ёсьць пачатак, і калі зь ім будзем пачынаць, то зь Ім і будзем заканчваць нашую штодзённасьць і ўсё нашае жыцьцё.

Вялікая сымболіка чатырох грушак Велікоднага Пасхалу: гэта раны Езуса Хрыста. Раны, праз якія праліліся кроў і вада: Божая міласэрднасьць і вада, якая наталяе смагу і ачышчае. Без вады жыць нельга, гэтаксама і без сьвятла. Гэта азначае – бяз Бога жыць немагчыма.

Сьвятло і вада – галоўная сымболіка сёньняшняй літургіі – сымбалі Хрыста, без якога мы ізноў апынемся ў цемры ночы. Няхай гэтая сымболіка перамяняе нашае жыцьцё. Няхай Езус будзе для нас, як вада і сьвятло».

Паводле традыцыі Пасхальнай вігіліі, парафіяне аднавілі абяцаньні хросту і былі акропленыя сьвянцонай вадой на аднаўленьне хросту.

Асаблівай літургія Вялікай суботы сталася і для клерыка Аляксандра, які навучаецца ў Кракаўскай сэмінарыі, а падчас Велікодных сьвятаў дапамагаў служыць у парафіі Маці Божай Ружанцовай. У Вяліку суботу клерык Аляксандр адзначаў юбілейны дзень нараджэньня – будучаму сьветару споўнілася 20 гадоў. Клерыка Аляксандра зь ягоным асабістым сьвятам цёпла віншавалі моладзь і сталыя вернікі парафіі, складаючы сардэчныя пажаданьні вытрываць у пакліканьні і стаць новым сьветаром ордэна Сьвятога Арханёла Міхала, манахам якога зьяўляецца і пробашч парафіі, ксёндз Генадзь Кухарэвіч.

«Хрыстос Уваскрос!!!» — абвясьціў сьвятар вернікам на трох мовах: беларускай, польскай і расейскай. «Сапраўды ўваскрос!!!» – гучала ў адказ…