Сьвяты пасхальны трыдуум: Вялікая пятніца

Вялікая Пятніца – Пятніца Мукі Пана. Набажэнства Вялікай Пятніцы ў парафіі Маці Божай Ружанцовай распачалося «Крыжовым шляхам» у інтэнцыях руху «Маргарыткі», удзельнікі якога ўзялі пастанову маліцца за пэўную духоўную асобу – сястру законную альбо сьветара – да канца свайго жыцьця.

«Крыжовы шлях» Вялікай пятніцы ў парафіі сёлета стаўся незвычайным: на вялікім тэлдеэкране, усталяваным у капліцы, перад вачыма вернікаў прайшоў «Крыжовы шлях» Хрыста, паводле мастацкага фільму «Жарсьці Хрыстовыя». Сузіраючы сцэны цярпеньня Езуса, многія вернікі не маглі стрымаць сьлёз, а малітва ў кожнай стацыі ў гэты дзень сталася асабліва пранікнёнай і шчырай…

Прамаўляючы да вернікаў, пробаш парафіі, кс. Генадзь Кухарэвіч падкрэсьліў: «Ведаем, што пасьля цяжкасьцяў, пасьля Вялікай пятніцы цярпеньняў, калі давярам таму, хто давярае нам, калі давяраем Пераможцы – бо ён Пераможца граху, зла, слабасьці —  будзе Уваскрашэньне, будзе радасьць і будзе супакой. Без крыжа цярпеньняў — няма ўваскрашэньня радасьці і супакою».

У Вялікую Пятніцу ў парафіі таксама адбылася малітва першага дня навэнны да Божай Міласэрднасьці. Гэтак вернікі на чале з пробашчам распачалі малітву за будаўніцтва Нацыянальнага санктуарыя Божай Міласэрднасьці. Рашэньне пра яго ўзьвядзеньне было прынятае сьвятой памяці кардыналам Казімірам Сьвёнткам. Распрацаваны праект зараз знаходзіцца на дзяржаўнай экспэртызе. Восеньню мае распачацца будаўніцтва. Атуліць яго малітвай – найпершы і найгалоўны абавязак вернікаў.

У Вялікую Пятніцу сакрамэнтальнае цела Пана Езуса было перанесенае ў грабніцу. Малітва да Найсьвяцейшага сакрамэнту ў гэты дзень трывала да апоўначы…