Святая Багародзіца Марыя – апякунка году 2013

Імша падзякі за пражыты год, адарацыя Найсьвяцейшага сакрамэнту і святая Імша на пачатак новага году – сталая традыцыя сустрэчы новага году ў парафіі Маці Божай Ружанцовай. Апоўначы на святую Імшу ў парафіяльную капліцу зьбіраюцца людзі, якія жадаюць распачаць новы год з Богам і ягоным словам.

Сёлета пробашч парафіі, ксёндз Генадзь Кухарэвіч звярнуўся да вернікаў з заклікам: «Ня бойцеся, не палохайцеся, будзце адважнымі і даверыць сваё жыццё Марыі. Новы, 2013 год, спалучэньне ягоных лічбаў, выклікае непакой і трывогу у людзей, якія ня вераць у Бога. Але людзі веры ведаюць, што Багародзіца Марыя абвесьціла сябе ў Люрдзе 13 лютага. У новым, 2013 годзе, спаўняецца 400 гадоў аб’яўленьня цудадзейнага абраза Маці Божай у Будславе. Сама Марыя абрала гэтую дату «13». Яна — захавальніца веры – бярэ пад сваю апеку і 2013 год, якім працягваецца Год веры, абвешчаны Каталіцкім касцёлам у мінулым кастрычніку. Таму ня бойцеся, а з большым даверам даручыце сваё жыццё Панне Марыі», падкрэсьліў ксёндз-пробашч.

На завяршэньне сьвятой Імшы ў першую навагоднюю ноч святар цёпла павіншаваў усіх прысутных у капліцы і склаў найлепшыя пажаданьні на ўвесь новы год. Парафіяльная капліца была напоўненая людзмі таксама і падчас кожнай святой Імшы днём 1 студзеня. На свята святой Багародзіцы Марыі вернікі парафіі маці Божай Ружанцовай збіраліся разам каб ўзнесці да неба супольнную просьбу: «Святая Багародзіца Марыя, маліся за нас».