Свята перэгрынацыі рэліквій святога Ян Боска — ў парафіі Маці Божай Ружанцовай

DSC01889У парафіі Маці Божай Ружанцовай у апошні дзень лета — 31 жніўня – адбылася вялікая ўрачыстасьць: перэгрынацыя рэліквіяў святога Яна Боска. (Глядзець фота)На запрашэньне ксяндза-пробашча Генадзя Кухарэвіча, айцы-сэлезыяне, законныя сёстры, парафіяне і вернікі іншых парафій сустракалі рэліквіі за некалькі гадзінаў да моманту, калі яны мусілі пакінуць Беларусь.

Святы Ян Боска – вядомы сваім клопатам і апекай дзяцей і моладзі пры ягоным жыцьці, а зараз – заступніцтвам у небе. Таму ўжо а сёмай раніцы парафіяльная капліца была напоўненая вялікай колькасьцю людзей і ў пераважнай бальшыні – маладых. Вітаючы рэліквіі і айцоў-сэлезыянаў, якія апекаваліся імі ў Беларусі, пробашч парафіі, ксёндз Генадзь Кухарэвіч падкрэсьліў, што асаблівая ласка, значнасьць і сымбалічнасьць гэтай падзеі ёсць для дзяцей і моладзі: напярэдадні новага навучальнага году, 1 верасня, папрасіць дапамогі, заступніцтва і апекі ў самога Яна Боско. Айцец-сэлезыянін, пробашч парафіі святога Яна Хрысціцеля, ксёндз Аляксандр Мятліцкі, які адпраўляў святую Імшу, прамаўляючы да моладзі і ўсіх парафіянаў, нагадаў пра ахвярнае святарскае служэньне святога Яна Боска і заклікаў вернікаў быць ягонымі пасьлядоўнікамі ў служэньні Богу і сваім бліжнім.

Дзеці, моладзь і сем’і таксама ўшанавалі рэліквіі святога кветкамі, словамі, сьпевамі і малітвай. Урачыстую святую Імшу прыгожым сьпевам суправаджаў таксама музычны гурт «Небасхіл» парафіі святога Яна Хрысьціцеля. З парафіі Маці Божай Ружанцовай рэліквіі святога Яна Боска адправіліся ў аэрапорт, каб пасьля апошніх развітаньняў пакінуць Беларусь.