Рым – горад, дзе здяйсняюцца мары

Моладзь парафіі Маці Божай Ружанцовай прыняла ўдзел у сустрэчы Тэзэ — Еўрапейскай моладзі ў Рыме. Сутнасць моладзевай супольнасці Тэзэ – аб’яднанне еўрапейскай моладзі розных хрысціянскіх канфесій дзеля супольнай малітвы да Бога. Праведзеныя разам дні ў далёкім падарожжы, супольнай малітва з Папам Рымскім на галоўнай плошчы Ватыкану – незабыўныя ўражанні, якімі моладзь падзялілася з чытачамі сайту парафіі Маці Божай Ружанцовай:

Віталь: «Паездка ў Рым была дастаткова цяжкай фізычна – мы ехалі два дні аўтобусам, а ўзімку гэта  нялёгкае выпрабаванне. Але станоўчыя ўражанні ад таго, што давялося пабачыць і пачуць падчас сустрэчаў – яны пераўзыходзяць усе перажытыя цяжкасці. Да прыкладу, як можна было застацца абыякавым да таго, што вось тут хадзілі святыя, гэта шляхі першых хрысціянаў! Ну і шмат што іншае вельмі ўзмацняла веру. Найпрыгажэйшыя базылікі – здаецца, што гэта нельга зрабіць рукамі чалавека. Праз усё гэта адчувалася прысутнасць Пана Бога, ягонай сілы».

Кацярына: «Уся паездка была напоўненая Духам Святым. Але для мяне было найвялікшым уражаннем удзел у малітве разам з Папам Рымскім. Гэта наступнік апостала Паўла на зямлі і бачыць гэтага чалавека, маліцца разам з ім да Бога для мяне было найвялікшым уражаннем. Я ў тыя хвіліны дакладна разумела, што гэта воля Пана Бога, каб я была ў гэты час у гэтым месцы. Нас прымала сям’я вельмі добрая, чулая і сардэчная. Мы бачылі і адчувалі іх клопат, іх хваляванні і перажываніі да нас. Гэтыя сустрэчы далі адчуванне, што мы, людзі розных народаў – адна Божая сям’я. Усё гэта дало магчымасць адчуваць, што Бог – ён тут, побач, ён у табе, ён — усюды».

Наста: «Едучы ў Рым я чакала ад Бога вельмі, вельмі шмат цудаў. І магу сказаць, што ўсе гэтыя цуды там даслоўна здзейсніліся. Гэта па-першае, а па-другое – у нас была святая Імша на плошчы Святога Пятра, і там быў такі прыгожы момант, калі ўся моладзь стала запальваць свечкі. І ў мяне было такое ўражанне, такое духоўнае перажыванне, што я ёсьць адной, маленькай кропелькай гэтай агромістай Божай сям’і, Божай моладзі. І гэта было неверагоднае ўражанне».