«Ружы Ружанцовыя» распачалі «Крыжовы шлях» у Вялікім посце

Ад пачатку Вялікага посту ў парафіі Маці Божай Ружанцовай распачаўся «Крыжовы шлях» на ўспамін мукі Пана, які будзе праходзіць кожную пятніцу пасьля святой Імшы. Першы зь іх адбыўся ў пятніцу, 15 лютага, які падрыхтавала і правяла малітоўная парафіяльная група «Ружы Ружанцовыя».

«Крыжовы шлях» узначаліў пробашч парафіі, ксёндз Генадзь Кухарэвіч. Разам з ім вернікі прайшлі ў малітве ўсе 14 стацый Крыжовага шляху, разважаючы над ахвярай Пана за грахі людзей і здольнсцю уласнай ахвяры дзеля дабра бліжняга і на праслаўленне імя Божага.

Удзел у падрыхтоўцы і правядзеньні «Крыжовага шляху» падчас Вялікага посту ў парафіі Маці Божай Ружанцовай традыцыйна рыхтуюць парафіяне розных узростаў і розных малітоўных груп. Як падкрэсліў ксёндз-пробашч, чалавеку ўласцівая такая рыса, як саманадзейнасць, калі ён празмерна разлічвае на свае сілы і імкнецца браць на сябе празмерную колькасць абавязкаў і функцый. У гэтай сувязі святар прапаноўвае рыхтаваць і праводзіць «Крыжовы шлях» розным групам парафіянаў, каб праз чытанне Слова Божага, разуменне ягонага зместу і сэнсу, кожны чалавек адчуваў свой удзел у набажэнстве і святой Імшы. Каб найбольшая колькасць людзей — усе, хто прыходзіць у Касцёл — адчувалі сваю запатрабаванасць і выконвалі тое, аб чым кажа касцёльная запаведзь: удзелльнічаць ў набажэнстве і святой Імшы,  у жыцці парафіі і Касцёла.

Так, «Крыжовы шлях» у пятніцу, 22 лютага, падрыхтуе і правядзе парафіяльная моладзь.

У пятніцу, 1 сакавіка, Крыжовы шлях рыхтуюць і праводзяць сужанкі.

У нядзелю, 3 сакавіка, пасля святой Імшы ў 12.00. – Крыжовы шлях для дзяцей.

У пятніцу, 8 сакавіка, Крыжовы шлях рыхтуюць і праводзяць тыя, хто складаў абяцанні малітвы за ненароджаных дзяцей.

У пятніцу, 15 сакавіка, Крыжовы шлях рыхтуюць і праводзяць мужчыны.

У пятніцу, 22 сакавіка, Крыжовы шлях рыхтуе і праводзіць рух «Маці ў малітве».

У Вялікую пятніцу, 29 сакавіка, Крыжовы шлях рыхтуюць і праводзяць «Маргарыткі».