Першая Святая Камунія: быць светачам Хрыста

IMG_8804Сьвята Спасланьня Духа Сьвятога ў парафіі Маці Божай Ружанцовай адбылася вялікая ўрачыстасьць: наймалодшыя вернікі з рук свайго пробашча прынялі адзін з найгалоўных сакрамэнтаў – Першую Сьвятую Камунію. (Глядзець фота)

Першакамунійнай урачыстасьці папярэднічалі два гады падрыхтоўкі: дзьве дзяўчынкі – Ганна і Каміла, а таксама чатыры хлопчыкі – Мацей, Іван, Мікіта і Арцём атрымлівалі асновы каталіцкай веры з вуснаў сястры-дамініканкі Любаміры Кругавой. Затым здавалі строгі іспыт ксяндзу-пробашчу і толькі пасьля гэтага прыступілі да свайго другога, пасьля хросту, у жыцьці сакрамэнту – споведзі…

Сустракаючы дзяцей і іх бацькоў, а таксама хросных і гасьцей, якія прыйшлі на ўрачыстасьць, пробашч парафіі ксёндз Генадзь Кухарэвіч адзначыў: «Менавіта сёньня, ва ўрачыстасьць Спасланьня Духа Cьвятога на вас, дарагія дзеткі, асаблівым чынам хоча сыйсьці Дух Сьвяты: з дарам Мудрасьці, з дарам Рады, з дарам Пабожнасьці. Хоча зысьці на вас, каб вы гарэлі, як зьнічы і распалялі сваёй любоўю вашых бацькоў, вашых родных і блізкіх, вашых сяброў. Дарагія бацькі! Сёньня шэсьць дзяцей – вы сёмыя. Вы маеце быць дасканалымі, бо сем дароў Духа Сьвятога – гэта лічба дасканаласьці. Імкніцеся да гэтай дасканаласьці, каб даваць добры прыклад сьвятога жыцьця вашым дзецям».

Сьвятар таксама распавёў пра сымболіку сямі дароў Духа Сьвятога. Адзін зь іх – агонь і пажадаў: «Жадаю вам гарэць моцна, гарэць Езусам, якога сёньня прымеце ў сваё сэрца. Каб вы гарэлі і запальвалі іншых Божай любоўю – гэтага, дарагія дзеткі, ад усяго сэрца вам жадаю. А вам, дарагія бацькі, я хачу пажадаць, каб вы былі тым вогнішчам, якое ёсьць вельмі моцнае, якое гарыць няспынна. Каб гэтым агнём Божай і сваёй, людзкой любові, адказнасьці, вы запальвалі сэрцы сваіх дзяцей. Клапаціцеся, каб праз атрыманыя дары Духа Сьвятога жыцьцё вашых дзяцей стала шчодрым плодам на хвалу Езуса і на карысьць нашаму народу і нашай Бацькаўшчыне».

Сьвята Першай Сьвятой Камуніі ў парафіі Маці Божай Ружанцовай, як і штогод, атрымалася сьветлым, радасным і ўрачыстым. Разам з галоўнымі ўдзельнікамі ўрачыстасьці усе прысутныя аднавілі прысягу Хросту. Доўгачаканы момант прыняцьця Сьвятога Сакрамэнту з рук пробашча дзеці перажывалі зь вялікім хваляваньнем, а бацькі са сьлязамі на вачах….

На завяршэньне дзеці і дарослыя падзякавалі сястры Любаміры і пробашчу ксяндзу Генідзю, за падрыхтоўку да Першай Сьвятой Камуніі, за іх цярпеньне і выхаваньне ў хрысьціянскай веры дзяцей, а таксама за клопат пра душы людзей дарослых.

Асаблівую падзяку і віншаваньне пробашчу парафіі, ксяндзу Генадзю Кухарэвічу, з нагоды 13-гадавіны сьвятарства, якая адзначалася ў гэтыя дні, сьвятару склала парафіяльная моладзь і ўсе вернікі парафіі, пажадаўшы цярпеньня, вытрымкі і супакою на абраным шляху служэньня Езусу Хрысту і яго народу.