Перэгрынацыя абраза Маці Божай Будслаўскай у мінскай парафіі Маці Божай Ружанцовай

5 кастрычніка ў Катэдральным касцёле распачалася перэгрынацыя копіі абраза Маці Божай Будслаўскай у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Чарговым месцам шанавання Маці Божай апякункі Беларусі пасля мінскай архікатэдры сталася парафіяльная капліца Маці Божай Ружанцовай у Лошыцы.

Цудадзейны абраз тут сустракалі ў панядзелак, 15 кастрычніка, але не зважаючы на вечар працоўнага дня, капліца была перапоўненая вернікамі розных узростаў: ад людзей сталага веку, да немаўлят, якія сядзелі на руках бацькоў.

Вітаючы Маці Божую Будслаўскую пробашч парафіі кс. Генадзь Кухарэвіч адзначыў: «Сёньня мы сабраліся тут, ў нашай капліцы, каб павітаць Цябе Маці і навучыцца ў Цябе любові да Бога і да чалавека. У гісторыі нашага Касьцёла, Маці нашага народа, Ты шмат разоў станавілася пераможнаю абаронцаю веры. Дзякуем Табе за Касцёл, за вытрымку і ўмацаванне ў час пераследу».

Удзел ва ўрачыстай сьвятой Імшы, якую адправіў кусташ санктуарыя ў Будславе а. Віктар Бурлака, прынялі таксама святары некалькіх мінскіх парафій. Зьвяртаючыся да вернікаў з Божым словам, а. Віктар адзначыў, што перэгрынацыя абраза Маці Божай Будслаўскай распачалася адначасна з Годам Веры. «Навошта нам дадзены і зададзены Год веры? Каб тыя, хто верыць у Бога, задумаліся, зрабілі «рэвізію» сваёй веры. Каб тыя, хто далёка ад Бога, мелі магчымасьць і наш прыклад, каб прыйсьці да Бога. Гэтаму служыць Год веры», падкрэсліў а.Віктар.

Пасьля завяршэння святой Імшы цудадзейны абраз Маці Божай Будслаўскай вернікі пранесьлі вакол капліцы урачыстай працэсій з ружанцовай малітвай, марыйнымі сьпевамі і запаленымі сьвечкамі. Калі абраз вярнуўся ў галоўны алтар, удзельнікі ўрачыстасьці на чале з пробашчам кс. Генадзем, ішлі яму пакланіцца на каленях, як гэта адбываецца ў санктуарыі ў Будслвае. Пры гэтым кожная сям’я альбо вернік неслі па адной ружы, складаючы Маці Божай разам з кветкамі свае малітвы і просьбы. Гэтак пры абразе зьявіліся букеты разнастайных руж, як адлюстраваньне вернікаў, якія іх прынесьлі.

Чуванне пры абразе Маці Божай Будслаўскай доўжылася ўсю ноч і частку наступнага дня. Не зважаючы на будзённыя дні, калі ў парафіі адбывалася перэгрынацыя, вернікі заставаліся пры абразе ўвесь час знаходжаньня яго ў капліцы, зьмяняючы адзін другога. Нязменна пры Маці Божай Будслаўскай з ружанцовай малітвай заставаўся настаяцель парафіі, кс. Генадзь Кухарэвіч. З удзячнасцю і пашанай, 16 кастрычніка, вернікі парафіі Маці Божай Ружанцовай развіталіся з абразом Маці Божай Будслаўскай, каб яго сустрэлі і ўшанавалі яшчэ ў адной парафіі айцоў-міхалітаў у Мінску – капліцы Святога Арханёла Міхала ў пасёлку Гатава.