Пасхальная Вігілія ў парафіі Маці Божай Ружанцовай

Пасхальнай Вігілія Вялікай Суботы па традыцыі распачалася каля вогнішча ў двары парафіяльнай капліцы. Гэты знак сьвятла Божага сустракалі дзесяткі парафіянаў, якія прайшлі на галоўную урачыстасьць усяго літургічнага года разам са сваімі сем’ямі. З запаленымі сьвечкамі – Сьвятлом Божым – людзі ўвайшлі ў капліцу, каб сустрэць урачыстасьць Уваскрашэньня Хрыста. Падчас літургіі настаяцель парафіі, кс Генадзь Кухарэвіч зьвярнуўся да вернікаў са словамі: «Сёньня мы сустракаемся з сымболікай сьвятла, вады і агню. Агонь – гэта патрэба гарачых сэрцаў, патрэба не дыміцца, а гарэць. Агонь – сымбаль таго, што мы павінныя гарэць любоўю да Хрыста. Мы павінны быць руплівыя да справаў Божага збаўленьня, яны ня могуць быць для нас абыякавыя, на якімсьці другім плане, але самымі важнымі. Гэтае сьвятло, якое асьвятляе нашую цемру. Калі ёсьць ноч, калі ёсьць цяжка на сэрцы, то Ён – Езус Хрыстус, які зьяўляецца сьвятлом, які зь мертвых паўстаў – Ён прыносіць яснасьць у нашае жыцьцё. Просім цябе, Пане, каб праз Сына Твайго усе, хто праз хрост, пахаваны разам з Хырстом у сьмерць, зь Ім таксама паўсталі да новага жыцця».
Падчас урачыстай святой літургіі парафіяльная сям’я Будай – бацька Аляксандр, а таксама сын Станіслаў прынялі сакрамэнт хросту. Аляксандр Будай узяў касьцёльны шлюб са сваёй жонкай і ўся сям’я ўпершыню ў сваім жыцьці прыступіла да Сьвятой Камуніі. Урачыстасьць таямніцаў хросту, шлюбу і камуніі з радасьцю і хваляваньнем успрынялі ня толькі сям’я Будай, але і ўсе вернікі, прысутныя на сьвятой Імшы.
На завяршэньне ўрачыстасьці парафіяльная моладзь падзякавала клерыку Аляксандру, які вучыцца на першым курсе духоўнай сэмінарыі за супольнае перажываньне сьвята. А ксёндз Генадзь Кухарэвіч запрасіў усіх прысутных вернікаў на Рэзурэкцыйнцю працэсію ў Нядзелю Уваскрашэньня Пана і асьвяціў велікодныя стравы.