Парафію Маці Божай Ружанцовай наведаў рэктар сэмінарыі ў Кракаве

Ксёндз Тадэвуш – рэктар сэмінарыі ў Кракаве – зьяўляецца таксама настаяцелем Рады настаяцельскай у ордэне Сьвятога Арханёла Міхала, манахам якога зьяўляецца пробашч парафіі, ксёндз Генадзь Кухарэвіч.

Ксёндз-пробашч таксама ў свой час быў студэнтам гэтай сэмінарыі і зьяўляецца яе выпускніком. А таму для яго і ўсіх парфіянаў гэта была адказная і поўная хваляваньняў сустрэча.

Ксёндз Тадэвуш прымаў удзел у высьвячэньні ксяндза Генадзія на сьветара, якая адбылася ў Гародні трынаццаць гадоў таму. Як зазначыў ксёндз-рэктар падчас прамовы, з таго часу ён ня быў у Беларусі і ўпершыню наведаў Мінск. Таму натуральнай была ягоная цікавасьць як працуюць у Беларусі айцы-міхаліты, як разьвіваецца касьцёл і якія зьмены адбываюцца ў Беларусі. Ксёндз Тадэвуш павіншаваў парафіянаў са сьвятам Зьмёртвыхпаўстаньня Пана і пагутарыў з многімі людзьмі асабіста.

Гэтым разам ксёндз Тадэвуш наведаў парафію разам з сёлетнім выпускніком семінарыі дзьяканам Янам, які паходзіць з Гарадзеншчыны. Гэта ўзгадалі ў сваім прывітальным слове парафіяне, выказаўшы спадзяваньне, што неўзабаве новы айцец-міхаліт таксама будзе служыць у парафіі Маці Божай Ружанцовай у Мінску. Вернікі таксама выказа словы падзякі за ўвагу да жыцьця парафіяльнай супольнасьці, а таксама шчыра дзякавалі за пробашча, ксяндза Генадзія, які больш за дзесяць гадоў аддана і ахвярна будуе жывы касьцёл у парафіі Маці Божай Ружанцовай.