Папа скіраваў пасланне з нагоды 100-годдзя супольнасці міхалітаў

Благаслаўлёны кс. Браніслаў Маркевіч / aleteia.org

Папа Францішак скіраваў спецыяльнае пасланне з нагоды пачатку святкавання 100-годдзя кангрэгацыі Святога Арханёла Міхала — ксяндзоў міхалітаў, якія нясуць служэнне таксама ў шэрагу парафій у Беларусі.

Юбілей будзе адзначацца 29 верасня 2021 года.

Як паведаміла беларуская рэдакця парталу Vat­i­can News, Святы Айцец заклікаў міхалітаў працягваць клапаціцца пра дзяцей і моладзь, асабліва пра сіротаў, бедных, пазбаўленых належнага клопату, становячыся для іх носьбітамі надзеі і будучыні.

Папа звярнуў увагу на прыклад заснавальніка супольнасці, благаслаўлёнага кс. Браніслава Маркевіча. Зерне, якое Божы Провід пасеяў у жыцці гэтага руплівага польскага святара, узрастала перш за ўсё праз «досвед манаскага жыцця ў Салезіянскай кангрэгацыі і поўных любові непасрэдных адносінах са святым Янам Боско», — заўважыў Пантыфік.

Ён нагадаў, што пасля вяртання ў Польшчу з Італіі кс. Маркевіч працягнуў ініцыятывы на карысць бедных і пакінутых дзяцей, збіраючы вакол сябе мужчын і жанчын, якія сталі падмуркам для будучых мужчынскай і жаночай галінаў кангрэгацый Святога Арханёла Міхала.

Кс. Браніслаў Маркевіч памёр у 1912 г., а законніцкая супольнасць, у вытокаў якой ён стаяў, атрымала кананічнае прызнанне праз дзевяць гадоў пасля яго смерці тагачасным арцыбіскупам Кракаўскім Адамам Стэфанам Сапегам. Пантыфік зазначыў, што з таго часу міхаліты служаць на ўсіх кантынентах, адказваючы на ўсё новыя і новыя душпастырскія выклікі і даючы сведчанне веры, нават праз мучаніцтва.

Папа заўважыў, што харызма міхалітаў як ніколі актуальная. Ёй уласцівы клопат пра сіротаў, пакінутых і бедных дзяцей, нікому не патрэбных, якія часта сустракаюцца з адчужэннем з боку грамадства. Сёння найбольш патрабуючымі з’яўляюцца не толькі тыя, хто жыве ў матэрыяльнай галечы, але таксама маладыя людзі, якія сталі нявольнікамі дрэнных уплываў і залежнасцяў, што вядуць да граху і аддаляюць ад Бога.

У сувязі з гэтым пастыр паўсюднага Касцёла заклікаў міхалітаў працягваць выкарыстоўваць друк і сучасныя тэхналогіі, каб іх пачула як мага больш моладзі і каб прынесці плён дабра ў розуме і сумленні людзей. Папа дадаў, што неабходна быць уважлівымі да патрэбаў самых апошніх і не баяцца рэалізаваць харызму сваёй супольнасці ў сучасных «палявых шпіталях». Трэба быць людзьмі адзінства, пераадольваць межы, будаваць масты і разбураць муры абыякавасці, падкрэсліў Святы Айцец.

Паводле https://catholic.by/3/news/vatican/12257-papa-skirava-paslanne-z-nagody-100-goddzya-supolnastsi-mikhalita