Папа Францішак распачаў служэньне Біскупа Рыму

Удзел у цырымоніі інтранізацыі Папы Рымскана Францішка прыняў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Напярэдадні інтранізацыі папа Францішак заявіў, што цырымонія інтранізацыі альбо інаўгурацыі мае быць сьціплай і заклікаў кіраўнікоў урадаў краін, цэркваў і арганізацый ня траціць грошы на дарогу ў Рым, а выкарыстаць іх на больш пільныя патрэбы. Тым ня менш, на плошчы Пятра ў Ватыкане сабралася больш за 160 дзяржаўных дэлегацый з розных краін і кантынэнтаў сьвету.

Простасьць, сардэчнасьць і адкрытасьць – галоўныя асаблівасьці цырымоніі інтранізацыі новага папы Францішка, паведаміў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч па вяртаньні з Ватыкану. Новы пантыфік нават быў апрануты ў тое сьвятарскае адзеньне, ў якой адпраўляў сьвятую Імшу ў Буэнос-Айрэсе. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусеві таксама прадэманстраваў ілюстраваную выяву Палія папы Францішка — сымбаль добрага пастыра і пярсьцёнак Рыбака — сымбаль папскай улады. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч таксама  падкрэсьліў, што ягоны крыж — гэткі ж, які носіць і новы папа рымскі Францішак – гэта значыць вельмі сьціплы для пантыфіка. А заклік папы Францішка «Не бойцеся уражлівасьці на патрэбы іншых людзей» зараз параўноўваюць з заклікам папы Яна Паўла ІІ «Не бойцеся адчыніць дзьверы Хрысту», падкрэсьліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Папа рымскі Францішак, які абраў узорам свайго служэньня сьвятога Францішка Асізскага – патрона бедных і пакрыўджаных, застаўся адданым узятаму прынцыпу і падчас інаўгурацыі: пярсьцёнак Рыбака – сымбаль папскай улады — быў выраблены для яго ня з чыстага золата, а пазалочанага срэбра.

Тадэвуш Кандрусевіч таксама падкрэсьліў, што урачыстая малітва па плошчы сьвятога Пятра гучала на некалькіх мовах, у тым ліку ўпершыню на кітайскай і расейскай. Гэта азначае, што пантыфік зьвяртае ўвагу на краіны, далёкія ад каталіцкай Эўропы, у тым ліку праз расейскую мову на прасторы былога савецкага саюзу. Адзін з такіх знакаў увагі – заплянаваны ўдзел папскага легату ў сьвяткаваньні 400-годзьдзя зьяўленьня абраза маці Божай у Будславе, якое адбудзецца ў ліпені.

Пра пэрспэктывы візыту папы Францішка ў Беларусь Тадэвуш Кандрусевіч паведаміў наступнае: «Усе чакаюць на прыезд папы. Калі гэта здарыцца я ня ведаю, трэба маліцца, малітва праб’е нябёсы».