Пальмовая нядзеля: ўвайсьці ў духоўны Ерузалем

Пальмовая нядзеля ў парафіі Маці Божай Ружанцовай распачалася малітвай пры ўваходзе ў капліцу. На ўспамін уваходу Езуса ў Ерузалем, парафіяне выбудавалі жывы калідор ад уваходу на тэрыторыю касьцёла да дзьвярэй сьвятыні, трымаючы ў руках упрыгожаныя кветкамі вербы. Пробашч Генадзь Кухарэвіч, памаліўшыся, асьвяціў вербы і першым увайшоў у храм…

Прамаўляючы да вернікаў ксёндз пробашч сказаў: «Езус Хрыстус уваходзіў у Ерузалем у паўнаце сваёй ласкі пад радасныя воклічы і вітаньні. Але Езус умеў быць ня толькі сьвяточным і поўным радасьці: Езус уваходзіў у сьвятыню і абарочваў лавы, дзе дом Божы быў пераўтвораны ў месца гандлю. Гэтак і ў наш час сьвятыні ўспрымаюць, нібыта крамы: прыйсьці набыць вербы, узяць крэйды, асьвяціць стравы… Але дом Божы – ёсьць домам малітвы, а не гандлю, казаў Езус Хрыстус». Сьвятар таксама нагадаў, што Год веры ў каталіцкім касьцёле заклікае вернікаў да асаблівай малітвы, сапраўднай веры і жыцьці ў Богу, каб ня стаць ахвярамі спакусаў сучаснага сьвету.

Урачысты ўваход у капліцу на знак успаміну пра ўваход Езуса ў Ерузалем адбыўся падчас адной з чатырох імшаў, якія праходзяць у парафіі кожную нядзелю. Але вялікая колькасьць людзей прыйшла ў готы дзень на кожную сьвятую Імшу, каб разам памаліцца ды асьвяціць вербы. Сёлета людзі разабралі больш за 500 упрыгожаных каліваў вярбы, якія падрыхтавалі парафіяне. «Ня я б’ю, вярба б’е» – гэткую традыцыю прывітаньня ў Вербную нядзелю пакінулі нам нашыя продкі. Гэткія словы да сваіх дамоў несьлі ўдельнікі сьвятой Імшы ў нядзеню Пальмовую.