“Няхай будзе воля Твая…”
Так называецца кніга пісьменніцы Ірыны Жарнасек, якая распавядае пра трагедыю, якая здарылася ў лютым 1943 года, на самай поўначы Беларусі, у аддаленым куточку Віцебшчыны – вёсцы Росіца Верхнядзвінскага раёну. Падчас карнай нацысцкай аперацыі супраць жыхароў тутэйшых вёсак, якую нямецкія захопнікі назвалі “Зімовыя чары”, жывымі былі спаленыя паўтары тысячы мясцовых жыхароў, сярод якіх – два каталіцкія святары, Юрый Кашыра і Антоні Ляшчэвіч. Сёлета — 71-гадавіна росіцкай трагедыі.
Святую Імшу і працэсію на месца пакутніцкай смерці благаслаўлёных айцоў-марыянаў і вернікаў узначаліў біскуп віцебскі Алег Буткевіч. Разам з ксяндзом-біскупам за ахвяраў трагедыі маліўся апостальскі візітатар для грэка-каталікоў Сяргей Гаек, святары Віцебскай і Мінска-Магілёўскай дыяцэзій.
Біскуп віцебскі Алег Буткевіч прыехаў у Росіцу не ўпершыню: яшчэ на пачатку 2000-ых гадоў маладым вікарыем прыводзіў ён сюды пілігрымаў з суседніх Міёраў. Пра духоўны чыннік благаслаўлёных айцоў-марыянаў ксёндз-біскуп сказаў гэтак:
“Росіца — гэта адно са шматлікіх месцаў у нашай краіне, дзе было праліта шмат крыві. З іншага боку – пэўна, з Божага провіду – гэтае месца сталася знакам мужнасці ў вызнаванні веры. Ахвяра святара, асабліва, калі гэта ахвяра з ягонага жыцця — гэта заўсёды нагадванне пра ахвяру самога Езуса. Таму для людзей — гэта жывы знак, жывы дотык да тае рэчаіснасці, якую нам абвяшчае Евангелле”.
Айцы-марыяне Юрый Кашыра і Антон Ляшчэвіч прынялі пакутніцкую смерць разам з жыхарамі Росіцы і навакольных вёсак — каталікамі і праваслаўнымі — калі фашысты распачалі карную аперацыю супраць мясцовых жыхароў. Людзей сагналі ў росіцкі касцёл, куды прыйшлі і святары, каб спавядаць, удзяляць Святую Камунію, прамаўляць і сваёй прысутнасцю ўмацоўваць дух, рыхтаваць людзей да прыняцця смерці як Божай волі. Нацысты давалі магчымасць святарам пакінуць месца згубы, але айцы прынялі рашэнне заставацца са сваімі парафіянамі, прайшоўшы з людзмі свой апошні шлях ад касцёла да месца, каб быць спаленымі ў вясковай стайні, каб выканаць Ягоную волю…
Памяць пра трагедыю захавалася, дзякуючы ацалелым мясцовым жахарам, якія пераказвалі яе сваім дзецям. Пра гэта ўзгадваюць цяперашнія жыхары росіцкіх мясцінаў:
“Пра Росіцу было вядома яшчэ падчас вайны, калі зарывы палалі, то бацькі казалі: вось бачыце –там паляць, людзей паляць”. “Мне тата з мамай расказвалі — яны у суседняй вёсцы жылі– і там усіх спалілі, яны паспелі ўцячы. У Росіцы, канешне, здарылася жахлівая гісторыя, пра якую без слёз нельга ўзгадваць”. “Мне падаецца, што яны — менавіта ксяндзы — ішлі на смерць без страху. Яны разумелі, што ідуць у вечнасць і гэтым выконваюць Божую волю”.
Памяць благаслаўлёных айцоў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча ў Росіцы адкрыта пачалі ўшаноўваць толькі ў апошнія два дзесяцігоддзі, калі скончыўся пераслед касцёлу з боку савецкіх улад. Летам сюды ідуць пешыя пілігрымкі, у дзень трагедыі памаліцца за пакутнікаў у росіцкім касцёле збіраюцца сотні чалавек з розных гарадоў Беларусі: Віцебска, Мінска, Полацка, Оршы, Барысава і іншых месцаў.
Для многіх вернікаў трагедыя Росіцы сталася адкрыццём, дзякуючы кнізе “Будзь воля твая” пісьменніцы Ірыны Жарнасек. Благаслаўлёныя айцы Юрый Кашыра і Антоні Ляшчэвіч для яе паўставалі з аповедаў ацалелых сведкаў трагедыі. Духоўны чыннік двух каталіцкіх пастыраў спадарыня Ірына называе любоўю:
“Пра айцоў у савецкі час, канечне, казалі нясмела. А калі я збірала матэрыял для кнігі, то ў адной сястры законнай знайшла запісы, якія яна зрабіла падчас рэкалекцый, што праводзіў ксёндз Антоні Ляшчэвіч. Дык ён казаў: жыць трэба прыгожа, так, каб заўсёды быць гатовымі да смерці. Ён вучыў людзей і, думаю, сам быў гатовы да смерці, да такога чыну любові да людзей і да Бога. Трываласцю такіх людзей мы моцныя таксама”.
Удзельнікі святой Імшы, законныя сёстры і святары на чале з біскупам Алегам Буткевічам прайшлі працэсіяй той апошні шлях, якім прайшлі благаслаўлёныя ксяндзы Юрый Кашыра і Антоні Ляшчэвіч разам з людзьмі, каб завяршыць сваё зямное жыццё ў агні. Зараз на гэтым месцы паўстае мемарыял, цэнтрам якога ёсць шматметровы каталіцкі крыж.
Завяршэннем дня памяці сталася супольная малітва на месцы смерці росіцкіх пакутнікаў, якую завяршыў малітоўны гімн “Магутны Божа”.