Нядзеля Зьмёртвыхпаўстаньня Пана

Нядзеля Зьмёртвыхпаўстаньня Пана ў парафіі Маці Божай Ружанцовай распачалася на досьвітку. Урачыстую рэзурэкцыйную працэсію з Найсьвяцейшым сакрамэнтам узначаліў пробашч Генадзь Кухарэвіч. Разам з ім пад малітоўныя сьпевы працэсіяй прайшлі дзесяткі парафіянаў, каб абвесьціць радасную вестку ўсім людзям добрай волі: Хрыстос Уваскрос!

«Гэтым прывітаньнем мы вітаем адзін другога, дзякуючы Богу за перамогу. Сёньня тут сабраліся пераможцы. Многія з вас прыступілі да сакрамэнту споведзі: перамаглі свой грэх і слабасьці. І сёньня ўсе мы з радасьцю сустракаемся з Езусам Хрыстом – Пераможцам. Каб неўзабаве пайсьці дадому і гэтай радасьцю падзяліцца са сваімі роднымі і блізкімі, сеўшы пры сьвяточным стале», падкрэсьліў ксёндз-пробашч Генадзь Кухарэвіч у прамове падчас сьвятой Імшы.

Сёлета ў прафіі ўпершыню адбыліся дзьве рэзурэкцыйныя працэсіі, а таксама дзьве сьвятыя Імшы а 7.00. і а 9.00. Ксёндз-пробашч Генадзь Кухарэвіч прыняў такое рашэнье, каб удзел ва ўрачыстасьці змагла прыняць найбольшая колькасьць вернікаў. І ўсё ж падчас кожнай сьвятой Імшы капліца была перапоўненай і людзі застваліся маліцца нават у касьцёльным двары.

На завяршэньне кожнай сьвятой Імшы ксёндз-пробашч складаў парафіянам самыя найлепшыя пажаданьні: «Ад імя сьветароў, якія працавалі і працуюць у парафіі, ад імя сясьцёр законным перадусім жадаем вам супакою. Супакою ў гэтым нялёгкім штодзённым жыцьці. І перамогі. Каб у вас заўсёды хапала моцнай волі: перамагаць злосьць дабром, перамагаць тое, што прыемнае, але шкоднае. Перамагаць цялеснае духоўным. Няхай перамога ў сэрцах кожнага з вас адбудзецца. Каб дзякуючы гэтай перамозе, кожны з вас адчуў  сапраўдную радасьць і супакой. Бо радасьць і супакой – гэта плады перамогі Езуса Хрыста ўваскрослага».