Моладзевае чуваньне ў архікатэдры: «Для мяне гэта духоўная падтрымка»

У архікатэдральным касьцёле Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Мінску ў нядзелю адбылося начное чуваньне моладзі. Такое моладзевае спатканьне праводзіцца два разы на год: перад Божым нараджэньнем, у часе Адвэнту, і ў Вялікім посьце.

Чым зьяўляецца для мяне гэта чуваньне? Магу адказаць так: Для мяне гэта духоўная падтрымка. Вельмі цяжка ў сучасным сьвеце заставацца добрым хрысьціянінам без духоўнага падмацаваньня. Ім і зьяўляецца моладзевае чуваньне.

Тэма сёлетняга Велікапоснага спатканьня — «Навяртайцеся і верце ў Эвангельле“ (Мк 1, 15). З гэтымі словамі да нас ў папяльцовую сераду зьвяртаецца сьвятар пад час сьвятой імшы. Кожны дзень нам патрэбна духоўнае навяртаньне, бо вельмі цяжка не зграшыць. Бог чакае гэтага навяртаньня і з вялікай радасьцю прымае нас да сябе ізноў, як добры бацька свайго марнатраўнага сына. Падчас Вялікага посту нам патрэбна падрыхтаваць сваё сэрца да спатканьня  з уваскрослым Езусам.

Сустрэча ў архікатэдры распачалася сьвятой Імшой, якую паводле традыцыі правёў арцыбіскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Тадэвуш Кандрусевіч. Арганізатарамі чуваньня была падрыхтаваная праграма, якая складалася з некалькі пунктаў: адарацыі, тэатральнай пастаноўкі, крыжовага шляху, песьняў жальбы. Кожны разьдзел праграмы рыхтавала моладзь пэўнай парафіі. Таксама і моладзь нашай парафіі Маці Божай Ружанцовай была адказная за тэматычную пастаноўку. Наша парафіянка Наста Харкевіч –студэнка Універсытэту культуры. Яна і дапамагла нам усім падрыхтаваць невялікую пастаноўку пад назвай “Збаўленьне”. Удзельнікі інсцэніроўкі вельмі хваляваліся, бо архікатэдральны касьцёл у гэтую ноч быў напоўнены маладымі людзьмі. Акрамя таго здарылася так, што многія з нас прастудзіліся, але не маглі дазволіць сабе сарваць пастаноўку ці свой удзел у чуваньні. У мяне балела горла, было цяжка размаўляць, а ў пастаноўцы трэба было сьпяваць. Але перад самым выхадам мы вырашылі проста даверыцца Богу і ён прыняў наш давер. Нашае выступленьне прайшло пасьпяхова і атрымала станоўчую ацэнку прысутных. Для нас гэта сталася новым сьведчаньнем прысутнасьці Бога ў нашым жыцьці. Спадзяемся таксама, што сваёй пастаноўкай мы яшчэ раз нагадалі людзям, што Бог вельмі любіць нас і з любові да нас ён аддаў свайго сына на ўкрыжанне. Часам мы аб гэтым забываем…

Парафіянка парафіі Маці Божай Ружанцовай

Маша Карповіч.