«Маці Божая Будслаўская, дзякуем Табе»…

_MG_1140У першы дзень школьных канікул дзеці парафіі Маці Божай Ружанцовай і іх бацькі разам з сястрой-дамініканкай Любамірай Кругавой выправіліся ў першае падарожжа гэтага лета – Нацыянальны санктуарый у Будславе, каб падзякаваць Маці Божай Будслаўскай за атрыманьне сакрамэнту Першай Сьвятой Камуніі.

Малітва на Ружанцы, марыйныя сьпевы і маляўнічыя беларускія краявіды за вакном аўтобуса зрабілі шлях у Будслаў карысным і прыемным. Яшчэ больш цікавай і уражлівай была экскурсія па Будслаўскім санктуарыі, якую правёў вікарый Будслаўскай парафіі, айцец Язафат Кунцэвіч, распавёўшы таксамак пра гісторыю зьяўленьня ў сьвятыні абраза Маці Божай. Будслаў у гэтыя дні яшчэ рыхтуецца да вялікай урачыстасьці – 400-гадовага юбілею зьяўленьня абраза Маці Божай Будслаўскай. Таму на падворку і пры ўваходзе яшчэ ў разгары будаўнічыя працы. Але ўжо праз месяц санктуарый будзе сустракаць гасьцей ва ўсім бляску сваёй прыгажосьці і велічы.

Пасьля зьмястоўнага аповеду ксяндза-вікарыя, малітва перад абразом Маці Божай Будслаўскай і сьпевы на яе хвалу асабліва хвалявалі і дзяцей, і дарослых. Падзякі за атрыманы сакрамэрнт Першай Сьвятой Камуніі, малітва за духоўных настаўнікаў з падзякаю за падрыхтоку, малітва за парафію ў гэты дзень былі асабліва моцнымі і шчырымі. «Маці Божая Будслаўская, маліся за нас» – гучала на разьвітаньне.