Крыжовы шлях у Вялікую Пятніцу Мукі Пана

Вялікая Пятніца Мукі Пана ў парафіі Маці Божай Ружанцовай распачалася Крыжовым шляхам Хрыста на тэрыторыі парафіяльнай капліцы, дзе неўзабаве мае распачацца будаўніцтва Нацыянальнага санктуарыя Божай Міласэрднасьці. Дванаццаць стацый Крыжовага шляжу былі адзначаныя крыжамі, каля якіх былі запаленыя зьнічы. Каля кожнага зь іх парафіяне на чале з настаяцелем кс. Генадзем Кухарэвічам спыняліся і адмаўлялі малітвы.

Гэта першы крыжовы шлях каля новай парафіяльнай капліцы, урачыстае асьвячэньне якой адбылося ў 2010 годзе. Юныя і сталыя парафіяне прайшлі яго, не зважаючы на халоднае надвор’е, прыцягнуўшы ўвагу многіх жыхароў мікрараёну.
Пасьля Крыжовага шляху ў парафіяльнай капліцы распачалася Навэнна да Божай Міласэрднасьці падчас якой наятаяцель падкрэсьліў: «У імя Божае прайшлі мы гэты Крыжовы шлях. У імя Крыжа – як знаку супраціву бязьвер’ю, калі разбуралі касьцёлы і ламалі прыдарожныя крыжы. Крыж – гэта заўсёды знак цярпеньня і знак цяжкай ахвяры. Таму сёньня ў сьвеце ёсьць той стыль жыцьця, якія адкідвае крыж — адкідвае ахвяру, каб лягчэй. Але бяз цяжкасьцяў не бывае і толькі іх перамаганьне дае супакой і радасьць. Толькі «ўзяць крыж» – дае нам пачуцьцё пэўнасьці, што з намі ёсьць Той, Які на гэтым крыжы дзеля нашага збаўленьня быў, нібыта, зьнішчаны. Але ведаем, што адбудзецца заўтра ўвечары, якога зь нецярпеньнем чакаем».
Вялікая Пятніца Мукі Пана завершылася адарацыяй Езуса ў Грабніцы, якую парафіяльная моладзь вяла да 24.00 гадзіны.