Гадавіна першай камуніі – свята вернасці Хрысту

У парафіі Маці Божай Ружанцовай адбылася ўрачыстая святая Імша з нагоды гадавіны першай Камуніі. Летась першую Камуніі прынялі 12 парафіянаў: дзяцей, юнакоў і дзяўчат. 12 траўня яны сабраліся, каб падзякаваць Пану Богу за атрыманы сакрамант і першую гадавіну жыцьця ў Богу.

Пробашч парафіі Генадзь Кухарэвіч, звяртаючыся да ўдзельнікаў урачыстасьці яшчэ раз нагадаў пра сымбалічнасьць лічбы 12: менавіта 12 вучняў выбраў для сябе Езус. 12 дзяцей, што прынялі першую камунію, ёсьць сучаснымі вучнямі і паслядоўнікамі Хрыста. Ня ўсе апосталы здолелі прайсці шляхам Хрыста, як і ня ўсе дзеці прыйшлі адсвяткаваць гадавіну першай святой Камуніі… Таму вельмі важна ня толькі прыняць сакрамант, але і жыць у ім, быць паслядоўнымі выканаўцамі Божых запаведзяў і абаронцамі веры, адзначыўў святар. «Жыццё ў Богу – гэта жыццё ў адзінстве дзяцей божых у парафіяльнай супольнасьці, у сям’і і грамадзтве. Бог не раздзяляе, Бог ядночыць. І толькі ў Божай еднасьці мы можам супрацьстаяць усім нападам і перашкодам духа злога», падкрэсліў ксёндз-пробашч.

У сваю чаргу дзеці і іх бацькі шчыра дзякавалі пробашчу за ўдзелены сакрамант, за ўмацаванне ў веры і запэўнілі ўсіх прысутных у сваёй праўдзівай адданасці Божай волі і вернасці Хрысту.