Дэканцкая візітацыя на свята Хрыста Валадара Сусвету

У нядзелю, 25 лістапада, у парафіі Маці Божай Ружанцовай адбылася ўрачыстасьць Біскупскай візітацыі. Яе правёў дэкан Серабранкаўскага дэканату, кс. Ян Крэміс.

Вітаючы біскупскага візытатара, пробашч парафіі, кс. Генадзь Кузарэвіч падкрэсьліў, што для душпастыра і вернікаў парафіі гэта чаканы і жаданы візыт, як сустрэча ў сваім доме сьветара – духоўнага настаўніка і апекуна – падчас калядных адведзінаў.

Біскупская візытацыя кс. Яна Крэміса прыпала на сьвята Хрыста Валадара Сусьвету. Звяртаючыся да вернікаў са Словам Божым, кс. Ян Крэміс асабліва адзначыў патрэбу прысутнасьці Хрыста ў жыцьці кожнага чалавека: «Кожная дзяржава жыве паводле створаных у ёй законаў і абавязвае трымацца гэтых законнаў сваіх грамадзян. Галоўны закон і галоўная запаведзь Хрыста ёсьць любоў: любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам, усім розумам і ўсёй душою сваёю, а бліжняга – як самога сябе». Кс. Ян Крэміс таксама падкрэсьліў, што матэрыяльныя даброты – важны складнік жыцьця чалавека, але духоўныя набыткі – складнік для вечнасьці: «Кожная душа несьмяротная і атрымае вечнасьць, але важна ці паўстанем мы перад Панам з пустымі рукамі, ці нашыя рукі будуць поўныя добрымі ўчынкамі».

Падчас святой Імшы кс. Ян Крэміс таксама ўдзяліў таямніцу хросту адной з наймалодшых парафіянак Арыне Марыі за якую ў гэты дзень малілася ўся парафіяльная супольнасць.

На завяршэньне ўрачыстасьці пробашч парафіі кс. Генадзь Кухарэвіч і вернікі шчыра і сардэчна дзякавалі біскупскаму візытатару за прысутнасьць, Божае Слова і айцоўскую апеку. Кс. Ян Крэміс у сваю чаргу перадаў у падарунак для парафіі Маці Божай Ружанцовай асобнік кнігі «Святая Імша», якая неўзабаве зойме пачэснае месца ў парафіяльнай бібліятэцы.