У Вялікую суботу арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч асьвяціў стравы на Велікодны стол

У Вялікую суботу парафію Маці Божай Ружанцовай наведаў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Ён асьвяціў стравы на Велікодны стол, а таксама паблагаславіў парафіянаў і склаў пажаданьні на сьвята Пасхі.

Арцыпастыр пажартаваў, што сёлета надвор’е нагадвае Божае нараджэньне, але Пасха — ў душах вернікаў: «Пасьля Вялікага посту, пасьля рэкалекцый, пасьля духоўнага адраджэньня ў нашых сэрцах ёсьць Пасха. У нас таксама павінны быць дух уваскрослага Хрыста. Добра асьвяціць стравы, добра асьвяціць вербы, але гэтага мала. За гэтымі вонкавымі традыцыямі павінныя ісьці традыцыі духоўныя. Сёньня мы сьвячаем стравы і сярод гэтых страваў знаходзіцца яйка. Яйка – гэта знак новага жыцьця. Езус Хрыстус даў нам новае жыцьцё. І сьвята Зьмёртвых паўстаньня, сьвята Пасхі – гэта сьвята жыцьця. І мы павінны бараніць жыцьцё – жыцьцё цела і асабліва – жыцьцё душы. Каб мы, памёршыя для граху і ўваскрослыя падчас хросту для новага жыцьця разам з Езусам Хрыстом, сапраўды гэтым жыцьцём жылі.

Таксама мы асьвячаем соль. Мы ведаем для чаго патрэбная соль: каб захаваць ежу аж зьнішчэньня і прыдаць ёй новы смак.

Сёньня ўвечары ваш сьвятар унясе ў капліцу вялікую сьвечку і засьпявае: «Гэта сьвятло Хрыста». Езус Хрыстус сказаў, зьвяртаючыся да апосталаў, а праз іх і да нас з вамі: «Будзьце сольлю зямлі і сьвятлом сьвету! Шмат нэону ў нашым горадзе і ў нашым сьвеце, але ў душы чалавека часамі вельмі цёмна. І хто гэтае сьвятло занясе да іх? Калі Магдалена ішла да гробу Езуса, яна казала, што цёмна было вакол і цёмна было ў яе душы. Бо настаўнік, які абяцаў жыцьцё вечнае, сам памёр і пахаваны. Але гроб адвалены, Езуса няма, а вонкі б’е сьвятло. І гэтае сьвятло мы павінны несьці ў гэты сьвет: сьвятло Эвангельля, сьвятло навучаньня Касьцёла, сьвятло праўды і сьвятло жыцьця. Таксама мы павінны быць сольлю гэтай зямлі. Сучасны сьвет, які сапсаваны маральна, ён патрабуе солі хрысьціянства. Каб усе пачулі смак хрысьціянства, каб мы былі несапсаванымі. Таму будзьце сольлю гэтай зямлі. Нясіце ў гэты сьвет смак Уваскрашэньня, будзьце людзьмі ўваскрашэньня і нясіце сьвятло уваскрослага Езуса Хрыста ў гэты сьвет».

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч таксама пажадаў пробашчу і парафіянам добрага пачатку будаўніцтва Нацыянальнага санктуарыя Божай Міласэрднасьціі, які мае быць узьведзены ў парафіі. У сваю чаргу ксёндз Генадзь Кухарэвіч і вернікі цёпла дзякавалі арцыпастыру за айцоўскую апеку, увагу і клопат аб жыцьці парафіі. «Абяцаем заўсёдную памяць у нашых малітвах», падкрэсьліў ксёндз Генадзь Кухарэвіч.

Стравы на Велікодн стол ксёндз-пробашч Генадзь Кухарэвіч таксама асьвячаў кожную гадзіну цягам усёй Вялікай суботы. І кожную гадзіну парафіяльная капліца была напоўненая людзьмі. Сталых вернікаў парафіі складаюць больш за 200 сем’яў. У Вялікую суботу ў капліцу прыйшлі каля тысячы чалавек.