Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч правёў аплатковую сустрэчу ў парафіі Маці Божай Ружанцовай у Мінску

У парафіі Маці Божай Ружанцовай адбылася аплатковая сустрэча з мітрапалітам Мінска-Магілёўскім, арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам. Гэта была сустрэча з сем’ямі горада Мінска, якая традыцыйна адбываецца ў парафіі Маці Божай Ружанцовай. Парафіяльная капліца ў гэты дзень была напоўненая перадусім сем’ямі парафіянаў, а таксама сужэнцкімі парамі з некаторых іншых парафій Мінска: маладымі і сталымі, малаколькаснымі, шматдзетнымі, няпоўнымі…

Вітаючы Тадэвуша Кандрусеціча хлебам і соллю, парафіяне разам з пробашчам Генадзем Кухарэвічам сардэчна дзякавалі арцыпастыру за айцоўскі клопат і ўвагу да сем’яў Мінска і ўсёй Беларусі, а таксама да парафіяльнай сям’і Маці Божай Ружанцовай. Адметна, што на парозе капліцы арцыбіскупа сустракала сужэнская пара, заўважная прыгожым і годным храсьціянскім учынкам і міласэрднасьцю: сёлета яна прыняла ў сваю сям’ю немаўля, забраўшы дзіця з сірочага дому. Але ня толькі прывітанне арцыбіскупа, а таксама ўся святая Імша былі напоўненыя сымбалямі, якія падкрэслівалі адметнасць і ролю сям’і ў жыцці Касцёла. Так, словы Эвангелля пры алтары прачыталі сужэнскія пары, якія чакаюць нараджэння дзіцяці ў сваёй сям’і – як сымбаль уцелаўлення Божага слова. Сымбалічна ў капліцы быў накрыты і Вігілійны стол, як знак таго, што парафія – гэта адзіная хрысціянская сям’я. Традыцыйныя дванаццаць страў на гэты стол згатавалі і падалі ў дарах сем’і парафіянаў. Дзяцячыя малюнкі на тэму Божага Нарджэння і ялінка, ўпрыгожаная рукамі самых малодшых парафіянаў і падараваныя герарху, сталіся сымбалем пераемнасці пакаленняў вернікаў. Бэтлеемскі агонь, запалены ад незгасальнай лампады ў месцы нараджэння Пана і падараваны арцыбіскупу беларускімі каталіцкімі скаўтамі, нагадаў пра святло, якое прыходзіць на зямлю.У гэты дзень словы падзякі арцыбіскупу былі асабліва цёплымі і шчырымі, а ўся сустрэча па-сямейнаму ўтульнай і зычлівай.

Прамаўляючы слова Божае да вернікаў падчас святой Імшы, Тадэвуш Кандрусевіч асабліва падкрэсліў ролю сям’і ў жыцці Касцёла і ў справе духоўнага і рэлігійнага выхавання маладога пакаленьня: «Бог стварыў сям’ю, як сацыяльны інстытут. Гэта неразлучны саюз мужчыны і жанчыны, мэтай якога ёсьць дапамога адзін другому і выхаванне дзяцей. Людзі старэйшага пакаленьня памятаюць, што калі не было касцёлаў і светароў – хто вучыў нас Катэхэзе? Нашыя бацькі, нашыя дзяды. Не было касцёла, але быў Ружанец у руках, Крыжовы шлях і Літанні. Каб дзеці былі годна падрыхтаваныя да Першай святой Камуніі, Бежмавання і іншых сакрамэнтаў Касцёла, сёння яны мусяць мець добры прыклад сваіх бацькоў. Менавіта сям’я павінна стаць для дзяцей Хатнім Касцёлам, месцам першай Эвангелізацыі, месцам, дзе дзіця ўпершыню спаткае Бога, навучыцца малітвам і паводле прыкладу бацькоў і старэйшых будзе старацца жыць праўдамі Веры».

На завяршэнне Імшы святой Тадэвуш Кандрусевіч падзякаваў настаяцелю, ксяндзу Генадзю Кухарэвічу за запрашэнньне наведаць парафію Маці Божай Ружанцовай ды ўзначаліць святую Імшу. Мітрапаліт таксама традыцыйна склаў віншаваньні і пажаданні, а таксама падзяліўся аплаткам з кожнай сям’ёй на знак еднасьці вернікаў парафіі Маці Божай Ружанцовай з усім Касцёлам Беларусі і ўсяго свету.