19 сакавіка – 15 год парафіі Маці Божай Ружанцовай

У дзень ўрачыстасці Святога Юзафа,19 сакавіка, споўнілася 15 год са дня афіцыйнай рэгістрацыі парафіі Маці Божай Ружанцовай. Напярэдадні, у нядзелю, адбылася святая Імша, якую парафіяне ахвяравалі за ўсіх сьветароў і сясьцёр законных, якія працавалі  у парафіі  цягам 15 гоадоў . У дзень ўрачыстасці Святога Юзафа, 19 сакавіка,  адбылася ўрачыстая святая Імша ахвяраваная за ўсю парафію і асабліва — за будаўніцтва парафіяльнага касцёла, які атрымаў статус Нацыянальнага санктуарыя Божай Міласэрнасці.  
Падчас прамовы настаяцель парафіі, кс. Генадзь Кухарэвіч сказаў: «На абразе «Сон святога Юзафа» мастак змясціў Езуса ў вельмі малой калысцы. Ці ж бы гэта магло быць? Калі святы Юзэф, які быў сталяром, то хіба ня мог зрабіць для Езуса адпаведнай калыскі? Сам святы Юзаф спіць у фатэлі, апусціўшы галаву на стол. Ягоная постаць зліваецца на тле карціны і амаль невідочная. Святы Юзаф выглядае вельмі змучаным, а нават, можна сказаць, бязрадным. Вызначаныя Богам заданні для Юзафа, моцна перарасталі яго. Так, як бы, пэўна, перарасталі кожнага чалавека. Бог хацеў ад яго ахвярнасці, разумення, вернасці. Узамен – нічога не абяцаў, нічога не тлумачыў. Выяўленне анёла падчас сну, ня мусіла быць верагодным довадам, што так, сапраўды гэта было. Юзаф мусіў паверыць, даверыцца Богу, не зважаючы ні на што.

Адзін вядомы навуковец Робэрт Фрыдрых, на пытанне ці ніколі не сумняваўся ў Эвангеллі, ці не былі такія моманты, што ня быў у ім упэўнены,  адказаў так, што – ніколі: чую, што ў ёй Бог мяне кахае. І шмат праблемаў, якія здаюцца мне вельмі цяжкімі, губляюць сваю сілу. Гэта так, як бы хтосьці страшыць чалавека: гучна брэша, але зубоў ня мае. Так, сапраўды, няма чаго баяцца. Я пераканаўся, што Бог – на баку чалавека, што Бог заўсёды яго абараняе.

Мае дарагія, сапраўды святы Юзаф паказвае свой поўны давер Пану Богу. Толькі тады, калі мы скажам: «ня можам». «не дамо рады». Толькі тады Бог зможа дзейнічаць у нас цалкам. А мы іншы раз паводзімся, як малыя дзеці — тупаем нагой і кажам, я сам, я змагу. І тады ў нас нічога не выходзіць. Нават вучні, апосталы прыйшлі да Езуса і сказалі: навучы нас маліцца. Пакуль мы ўпэўненыя ў сабе, пакуль мы разлічваем на саміх сябе, то для Бога ёсць мала месца ў нас. Альбо Яму зусім няма месца. Але як толькі скажам, Езу, я больш не магу: я давяраю табе мой страх, давяраю табе мае праблемы і цяжкасьці, давяраю ўсе свае пакуты з якімі не магу справіцца, толькі тады Ён уваходзіць і кажа: Я дапамагу. І заўсёды прыйдзе да нас з дапамогаю. Але жадае, каб мы сталі ўбогія духам. Вось што значыць быць убогім духам — гэта азначае не спадзявацц на сябе, на свае сілы, а цалкам свае спадзяванні ўскласці на яго.

Святы Юзэфе, хочам разам з табою ў гэтую 15-гадавіну сказаць: Езу, давяраем табе. Божа, давяраем табе, давяраем усё тое, што нам баліць, усе нашы страхі і перажыванні, усе нашы цяжкасці і праблемы. Без цябе мы нічога ня можам. Прымі нашае прыніжэнне. Дай нам сілу быць вернымі табе, дай нам сілу разумець цябе. Дай нам сілу быць ахвярнымі.

Падчас прамовы настаяцель, кс. Генадзь Кухарэвіч нагадаў вернікам гісторыю сталаўленьня і развіцця парафіі.Так, цягам 15 год, парафіяне маліліся ў прыватных дамах і на кватэрах, у памяшканнях Лошыцкага палацу, пад адкрытым небам каля парэшткаў даўняй капліцы, арэндаваным памяшканьні ЖЭСу. Хутка два гады, як парафіяне маюць шанец маліцца ў сваім уласным парафіяльным доме – новазбудаванай капліцы. Ксёндз Генадзь Кухарэвіч таксама падкрэсьліў, што парафія ўсталёўвалася і разьвівалася, дзякуючы веры і ахвярнай працы ўсіх парафіянаў .

У сваю чаргу, вернікі падзякавалі ўсім святарам і законным сёстрам, якія ўсе гэтыя гады дзялілі з парафіянамі ўсе радасці і нягоды. Найдаўжэй у парафіі працуюць айцы-міхаліты на чале з пробашчам, кс. Генадзем Кухарэвічам. За гэты час ў парафіі ўтвораныя шматлікія малітоўныя групы, заснаваныя культурныя і духоўныя традыцыі, збудаваная капліца, дзесяткі людзей прынялі сакрамэнты хросту, сужэнтсва, бежмавання Парафіяне падзякавалі настаяцелю за ахвярную працу, сьведчаньне жывой веры і пажадалі ўсіх патрэбных Божых ласкаў. Каб супольная парафіяльная сям’я шырылася новымі праўдзівымі вернікамі, а 20-гадовы юбілей усе разам сустракалі ў новым парафіяльным касьцёле – санктуарыі Божай Міласэрнасці, будаўніцтва якога мае неўзабаве распачацца. Завяршэннем урачыстасці сталася прэзэнтацыя слайд-фільма пра гісторыю парафіі Маці Божай Ружанцовай, а таксама частаванне тортам, вырабленым рукамі парафіянаў.