1 ліпеня ў парафію прыбываюць рэліквіі сьвятой Тэрэзы ад Дзіцятка Езус

P1090743Пасля смерці я пралью дождж з пялёсткаў руж” – сказала св. Тэрэза з Лізьё яшчэ напрыканцы ХІХ стагоддзя. Так здарылася 1 чэрвеня – упершыню ў Беларусь прыбылі рэліквіі сьвятой. Рэліквіі ўжо пабывалі ў сямідзесяці пяці краінах свету, Беларусь сталася семдзесят шостай. Гэтымі днямі адбываецца перэгрынацыя мошчаў святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езус у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзыі.

Сьвятая Тэрэза гэтак і тлумачыла сваю духоўную сутнасьць – заставацца дзецьмі незалежна ад узросту, не прыпісваць сабе добрых спраў і не хвалявацца, калі падаешь – бо дзеці ж малыя і не могуць моцна ўпасці. Яе так і назвалі Сьвятой Тэрэзай Малой – за кароткае жыццё і малы шлях да святасці: яна пайшла ў кляштар маючы 15 гадоў, а памерла ў 24.

Сьвятая Тэрэза ў 1923 годзе была абвешчана благаслаўлёнай і праз два гады – сьвятой. А ў 1997 годзе папа Ян Павел II надаў ёй тытул Доктара Паўсюднага Касцёла. Яна стала самым малодшым Доктарам Касцёла ў гісторыі і чацвёртай жанчынай, якая атрымала гэты тытул. Любоў да Сьвятой ужо назвалі фэноменам – разам са сьвятым. Францішкам яна — адзіная каталіцкая святая, якую ўшаноўваюць ва Усходніх Цэрквах і нават за межамі хрысціянскага свету.

У парафію Маці Божай Ружанцовай рэліквіі прыбудуць 1 ліпеня ў 18.30. У 19.00. распачнецца ўрачыстая сьвятая Імша, якая прадоўжыцца чуваньнем пры рэліквіях. Чуваньне будзе трываць праз усю ноч і завершыцца святой Імшой 2 ліпеня ў 8.00. раніцы. Пасьля гэтага рэліквіі адбудуць у іншую парафію.

Сардэчна запрашаем на ўрачыстасьць усіх парафіянаў, іх родных і сяброў, а таксама ўсіх, хто жадае памаліцца да сьвятой і вымаліць у яе ласку цудаў і апекі для сябе, сваёй сям’і, для сваёй парафіяльнай сям’і і сваёй краіны ‑Беларусі.