Святая Сястра Фаўстына Кавальская

Святая Сястра Фаўстына Кавальская (5 жніўня 1905 г., Глаговец каля Лодзі у Польшчы — 5 кастрычніка 1938 г., Кракаў) — святая Сястра Марыя Фаўстына Кавальская, манахіня з Ордэну Сёстраў Маці Божай Міласэрнасці, апостал культу Божай Міласэрнасьці.

Нарадзілася 25 жніўня 1905 г. як трэцяе дзіця ў шматдзетнай сям’і Марыяны і Станіслава Кавальскіх, земляробаў з вёскі Глаговец.

Постаць святой Сястры Фаўстыны Кавальскай неразрыўна злучана з культам Божай Міласэрнасці. Сам Бог абраў яе як свой інструмэнт для распаўсюджвання Яго шанавання. Зрабіў яе сваім голасам. Гэтай простай, але пакорнай манахіні, Бог даверыў місію Міласэрнасці.

У дзяцінстве была вымушана цяжка працаваць, у школе падставовай навучылася адзінае чытаць, пісаць і трохі лічыць. У шаснаццаць год пачала працаваць у якасці хатняй прыслугі.

На дваццатым годзе жыцця пасля шматлікіх цяжкасцяў уступіла да Ордэну Сёстраў Маці Божай Міласэрнасці і пражыла там трынаццаць год. Працавала на кухні, у садзе, пякарні і на фурце ў некалькіх дамах кангрэгацыі, найдаўжэй у Плоцку, Вільні і Кракаве. Мела досвед моцных спакусаў супраць веры, пачуцце суцэльнай адарванасьці ад Бога, а таксама хваробы і неразуменне з боку асяродздзя. З яе дзённіка даведваемся, што ў часе прыватнага аб’яўлення ў Плоцку 22 сакавіка 1931 г. атрымала ад Езуса пажаданне, каб пачала пашыраць культ Божай Міласэрнасці, а таксама абраз Езуса Міласэрнага быў створаны мастаком Эўгеніюшам Казіміроўскім па ўзору, які бачыла святая сястра Фаўстына. Прайшоўшы праз выпрабаванні, 5 кастрычніка 1938 г. на трыццаць трэцім годзе жыцця адышла да Бога за вечнай узнагародай. Пахаваная ў Лагеўніках (частка Кракава) 7 кастрычніка 1938 г. — ва ўрачыстасьць Маці Божай Ружанцовай (была гэта таксама першая пятніца месяца). Пры кляштары ў Лагеўніках, дзе знаходзіцца магіла святой, існуе зараз Санктуарый Божай Міласэрнасці. [https://be-tarask.wikipedia.org/wiki/%D0%A4%D0%B0%D1%9E%D1%81%D1%82%D1%8B%D0%BD%D0%B0_%D0%9A%D0%B0%D0%B2%D0%B0%D0%BB%D1%8C%D1%81%D0%BA%D0%B0%D1%8F]

21 кастрычніка 1965 г. распачаўся фармальны інфармацыйны працэс адносна жыцця сястры Фаўстыны. Беатыфікаваная ў Рыме 18 красавіка 1993 г. Святым Айцом Янам Паўлам ІІ, кананізаваная 30 красавіка 2000 г. Тады ж было ўсталявана літургічнае Сьвята Божай Міласэрнасці.

У 2020 годзе папа Францішак прыняў рашэнне аб уключэнні ўспаміну св. Фаўстыны Кавальскай у Агульны Рымскі каляндар з увагі на шматлікія просьбы, якія паступалі ад пастыраў, кансэкраваных асобаў, аб’яднанняў свецкіх вернікаў, а таксама беручы пад увагу вялікі ўплыў духоўнасці гэтай святой у розных частках свету. Успамін будзе адзначацца штогод 5 кастрычніка — у дзень адыходу святой Фаўстыны ў вечнасць. [https://chyrvony.by/parafija/naviny/1343-pamyatsi-svyatoj-faustyny.htmlhttps://chyrvony.by/parafija/naviny/1343-pamyatsi-svyatoj-faustyny.html]

«Дзённік» святой сястры Фаўстыны

«Дзённік», які складаецца з шасці сшыткаў і дадатку «Мая падрыхтоўка да святой Камуніі», сястра Фаўстына пісала на працягу апошніх чатырох гадоў жыцця (1934–1938) па наказе спаведнікаў і выразным зага­дзе Езуса Хрыста. У ім апісаныя містычныя сустрэчы святой з Панам Богам і перададзена пасланне Божай Міласэрнасці, якое так патрэбнае ўсяму сучаснаму свету і кожнаму чалавеку паасобку. Таму гэта адна з кніг, што назаўсёды перамяняюць душу чытача і да якіх можна шматразова звяртацца на працягу ўсяго жыцця.

Падзеі, апісаныя ў «Дзённіку», распавядаюць пра зара­джэнне культу Божай Міласэрнасці, у прыватнасці пра гісторыю стварэння абраза Езуса Міласэрнага, устанаўлення свята Божай Міласэрнасці, з’яўлення і распаўсюджвання Вяночка да Божай Міласэрнасці, а таксама адпаведнай літаніі і навэнны. З гэтым набажэнствам Пан Езус звязваў вялікія абяцанні і прасіў сястру Фаўстыну перадаць іх усяму чалавецтву: «Я абяцаю, што душа, якая будзе ўшаноўваць гэты абраз, не загіне. Абяцаю таксама ўжо тут, на зямлі, перамогу над непрыяцелямі, і асабліва ў гадзіну смерці. Я сам буду ахоўваць яе як сваю хвалу»; «з душамі, якія будуць прыбягаць да Маёй міласэрнасці і якія будуць яе праслаўляць і абвяшчаць іншым пра Маю вялікую міласэрнасць, Я паступлю ў гадзіну смерці адпаведна Маёй бясконцай міласэрнасці»(Дз., 48,379). Кніга перапоўнена сведчаннямі, просьбамі, благаслаўленнямі і абяцаннямі, якія сам Пан Бог перадае нам праз сястру Фаўстыну.

Знаёмячыся з гісторыяй сустрэчаў і адносінаў душы з Богам, мы бачым Яго, па-першае, як Найміласэрнейшага Айца, адначасова патрабавальнага і бязмежна шчодрага. Найбольшае, што Бог патрабаваў ад святой і патрабуе ад кожнага чалавека, — гэта поўная паслухмянасць і пакора, а ўзамен Ён прапануе сваю моц і незлічоную колькасць ласкаў. Па-другое, Пан паўстае перад душою як яе любячы Абраннік, таму малітоўныя містычныя сустрэчы, сведкамі якіх мы становімся пры чытанні «Дзённіка», напоўнены вялікаю далікатнасцю Бога, які дае душы поўную свабоду, і Яго пяшчотнаю любоўю, якую немагчыма ахапіць чалавечым розумам: яна шчодрая на нечаканыя і незвычайныя праяўленні адданасці, вернасці і дабрыні. Пан Езус вучыць, што быць абранніцаю Бога — значыць не толькі прымаць дары Яго любові, але і падзяляць з Ім Яго цярпенне: «Я чакаў цябе, каб падзяліцца цярпеннем, бо хто ж лепш зразумее Маё цярпенне, як не Мая абранніца?» (Дз., 348). У святле такой любові жыццёвае цярпенне набывае канкрэтны духоўны сэнс, яно становіцца сапраўднаю ласкаю і сведчаннем Божага даверу. Бог верны, Бог даверлівы, Бог церпячы, Бог, які прагне нашай адданасці і якога моцна раніць наш недавер і наша нявернасць, — пра гэтыя ўласцівасці Бога-Абранніка мы рэдка задумваемся, бо найчасцей успрымаем Яго як строгага і справядлівага Суддзю. Разам са святой Фаўстынаю мы пазнаем Бога і Яго міласэрнасць так, што наш духоўны зрок умацоўваецца і дазваляе бачыць рэаліі свайго зямнога жыцця іншымі, чым дагэтуль.

Хрыстус аб’яўляецца ў жыцці сястры Фаўстыны таксама як клапатлівы Кіраўнік, які сам вядзе душу да сябе, нягле­дзячы на яе слабасці, памылкі, сумненні. Ён сам вучыць душу глыбокай малітве, якая абяззбройвае Божую справядлівасць. Таму «Дзённік» святой Фаўстыны можна лічыць багатым зборнікам малітваў, якія нара­джаліся ў сустрэчах душы з яе Абраннікам, у якіх чытач пазнае свой духоўны стан і якімі хоча маліцца штодня. Гэтаму спрыяе сама мова кнігі — даступная, простая, яна закранае найглыбейшыя куточкі душы.

З гэтаю кнігаю нібы нанова перажываеш усё сваё жыццё, пераглядаючы яго ў іншым святле — у ззянні Божай міласэрнасці. Пачынаеш па-іншаму ўспрымаць свае дасягненні і няўдачы, свае жаданні і мары… Душа спакайнее і лагаднее, ды ўслед за святою Фаўстынаю хоча паўтараць: «Я змучана і спрацавана, // Але сумленне мне сведчыць аб тым, // Што я раблю ўсё для большай хвалы Пана, // Пан — мая спадчына і мой спачын» (Дз., 1000)… [https://ave-maria.by/i/89–234/690-kniga-natalenne]